12/31/2025
Зварот з нагоды Сьвята Нараджэньня Хрыстовага
Сусьветнага Патрыярха Барталамея.
+ Б А Р Т А Л А М Е Й
Міласьцю Божаю Архіяпіскап Канстанцінопаля – Новага Рыму і Сусьветны Патрыярх
Усёй паўнаце Царквы
Ласка, міласць і мір ад Збаўцы Хрыста, Які нарадзіўся ў Бэтлееме!
Вялебныя браты архіпастыры,
Умілаваныя ў Госпадзе дзеці,
Зноў спадобіўшыся дасягнуць вялікага сьвята Нараджэньня ў целе Сына і Слова Божага, мы славім «невымоўнае і неспасьціжнае зыходжаньне» Збаўцы чалавечага роду і Адкупніка ўсяго стварэньня ад тленнасьці і абвяшчаем разам з анёламі: «Слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!».
Хрыстос адкрыўся як «Эмануіл», як «Бог з намі» і «для нас», як Бог побач з кожным з нас і «бліжэй да нас, чым мы самі да сябе». Спрадвечнае Слова Божае, «адзінаіснае Айцу», як гэта было вызначана ў дагмаце Першага Сусьветнага Сабору, 1700-годзьдзе якога хрысьціянскі сьвет належным чынам адзначаў на працягу гэтага году, «становіцца падобным да Свайго стварэньня», увасобіўшыся ад Духа Святога і Марыі Дзевы, «каб абагавіць людзей».
Трапар сьвята абвяшчае, што Нараджэньне Хрыстова «азарыла сьвет сьвятлом розуму» і адкрыла «надпрыродны і сусьветны сэнс» жыцьця і гісторыі, а менавіта тую ісьціну, што толькі хрысьціянская вера можа цалкам задаволіць глыбінныя пошукі розуму і прагу сэрца, бо «няма ні ў кім іншым выратаваньня», акрамя як у Хрысьце. З гэтага часу «веды», якія «уздымаюць пыху», судзяцца словамі Госпада: «Спазнайце ісьціну, і ісьціна вызваліць вас».
Звышразумная падзея Ўцелаўленьня Бога перажываецца і паўтараецца духоўна ў жыцьці вернікаў, якія любяць богааб’яўленьне Збаўцы-Хрыста. Як піша звышгодны Максім Вызнаўца: «Слова Божае аднойчы нарадзілася ў целе, але жадае заўсёды нараджацца ў духу праз любоў да тых, хто гэтага жадае». У гэтым сэнсе сьвята Нараджэньня, Божага ўцелаўленьня і абагаўленьня чалавека Божаю Ласкаю, не адсылае нас да падзеі мінулага, але накіроўвае да «Горада будучага», да Нябеснага Ўладарства Айца і Сына, і Сьвятога Духа.
У сьвеце, дзе грыміць рэха вайны і грукат зброі, гучыць анёльскае «спакой у сьвеце», і голас Госпада дабраслаўляе «міратворцаў», і Ягоная Сьвятая Царква моліцца падчас Боскае Літургіі «аб міры звыш» і «аб міры ўсяго сьвету». Сапраўдная вера ў жывога Бога ўмацоўвае нашу барацьбу за мір і справядлівасьць, нават калі мы сутыкаемся зь непераадольнымі, з чалавечага пункту гледжаньня, перашкодамі. Як натхнёна сказана ў Пасланьні Сьвятога і Вялікага Сабору Праваслаўнае Царквы – дзесяцігодзьдзе якога мы будзем святкаваць у наступным годзе: «алей рэлігійнага досьведу павінен выкарыстоўвацца для загойваньня ранаў, а не для распальваньня агню вайсковых канфліктаў».
Евангельле міру асабліва тычыцца нас, хрысьціянаў. Мы лічым недапушчальным заставацца абыякавымі перад абліччам раздробненасьці хрысьціянскага сьвету, асабліва калі гэтая пазіцыя суправаджаецца фундаменталізмам і відавочным непрыманьнем міжхрысьціянскага дыялогу, які ў канчатковым выніку накіраваны на пераадоленьне падзелу і дасягненьне адзінства. Абавязак імкненьня да хрысьціянскага адзінства не падлягае абмеркаваньню! Адказнасьць за працяг намаганьняў пачынальнікаў экуменічнага руху разам з падцьверджаньнем іх бачаньня і працы кладзецца на маладзейшае пакаленьне хрысьціянаў.
Мы належым Хрысту, Які ёсць «мір наш» і «паўната радасьці» ў нашым жыцьці, тая «добрая воля», што вынікае з перакананьня, што «ісьціна прыйшла» і «цень прайшоў», што любоў мацнейшая за нянавісьць, а жыцьцё мацнейшае за сьмерць, што зло не мае апошняга слова ў жыцьці сьвету, якім кіруе Хрыстос, Які «той самы ўчора, сёньня й навек». Гэтая вера павінна зьзяць і выяўляцца ў тым, як мы ўшаноўваем Нараджэньне Хрыстова і іншыя царкоўныя сьвяты. Радаснае сьвяткаваньне вернікамі павінна сьведчыць аб перамяняльнай сіле нашае веры ў Хрыста. Гэта павінен быць час добрае волі і духоўнае асалоды, досьвед тое невымоўнае «вялікае радасьці», якая з'яўляецца «сінонімам Евангельля».
Пачэсныя браты і ўмілаваныя дзеці,
у 2026 годзе Сьвятая Вялікая Царква Хрыстова будзе адзначаць 1400 гадоў з таго дня, як 7 жніўня 626 году падчас сьвятога пільнаваньня ва Ўлахернскім храме «стоячы» сьпяваўся Акафіст у знак удзячнасьці да Прасьвятое Багародзіцы за выратаваньне Канстанцінопаля ад нападу варожых сілаў. З нагоды гэтае гістарычнае падзеі, Штогоднік Сусьветнага Патрыярхату на 2026 год будзе прысьвечаны памяці гэтае важлівае падзеі для нашае традыцыі і самасьвядомасьці, якія неад’емна і глыбака зьвязаны з пашанаю да нашае Вечнадабраславёнае і Прачыстае Маці Божае, заступніцы і ахоўніцы нашага (хрысьціянскага) народу.
У гэтым духу, схіляючыся перад Марыяй, якая трымае на руках Дзіцятка Ісуса, і пакланяючыся Божаму Слову, Якое прыняло нашае аблічча, мы жадаем усім вам дабраславёных Сьвятак, а таксама плённага на добрыя справы і напоўненага Божымі дарамі новага года Ласкі Госпадавае, Якому належыць усякая слава, пашана і пакланеньне, спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вечныя. Амін.
Нараджэньне Хрыстова 2025 (/ 2026) л.Б.
+ Барталамей Канстанцінопальскі
гарачы малітаўнік за ўсіх вас перад Богам.